epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Чаму я забываюся..."

Чаму я забываюся,

Як білася ў роснай траве

Скрываўленая перапёлачка,

Калі яе разанулі касою?

 

Чаму я забываюся,

Як з трэскам гарэлі ля маіх ног

Галовы пшанічных снапоў

Пасля цяжкага ўдару снарада?

 

Чаму я забываюся.

Як прамарудзіў пайсці аднойчы

На голас слёзнай самоты,

Што з цемры

чакаў чыёйсь вернасці

 

Чаму я ўсё помню,

Як не раз аж трымцеў,

Задаволены,

Калі мне казалі няпраўду

Пра маю непагрэшнасць?..

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан