epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Чаму рана ты, зязюля..."

Чаму рана ты, зязюля,

Перастала кукаваць?

— Я кукую, ды кування

За лясамі не чуваць,

 

За лясамі, за лістамі,

За прасторай палявой,

За жытамі з каласамі,

За травою-муравой...

 

Чаму рана ты, дзяўчына,

Перастала песні пець?

— Я спяваю, ды спяванню

Майму к вам не даляцець.

 

Я спяваю ў ясны вечар,

Ночкай зорнаю пяю:

— Спі, сынок, спусціўся месяц

На пасцельку на тваю.

 

Ціхі спеў мой, ды аб гэтым

Я ніколі не тужу,

Гэтай ціхаю задумай

Я, як шчасцем, даражу...

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан