epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Чаромхавая квецень

Крычала па-над ёй

машына «хуткая».

І хмурны доктар

падымаў павольна шпрыц.

І медсястра

старанна ўсцешвала, аж хукала...

А яна

сумная-сумная ляжыць...

 

Тады, зусім знявераны, ускрушаны,

Каб хоць чым-небудзь заглушыць адчай,

Спытаў я:

— А ты помніш наш іскрысты, зацярушаны

Чаромхаваю квеценню ручай?

 

І бор над ім —

такі вясёлы, ўзвеснены,

У соснах — маладой жывіцы пах.

Ты там смяялася:

«Ну, вось і ўвесь ён мой

Прад намі — небагаты мой пасаг!..»

 

А я шчаслівы быў,

і шчасце гэтае

Мне стала лепшым скарбам на гады...

Вось папраўляйся,

ды хутчэй,

бо зноў цвітуць чаромхі светлыя...

А зараз —

пацалуй мяне, як там тады...

 

І раптам — як над той лясной, ручайнай сцежкаю,

Я ўбачыў позірк —

ён яснеў, майго шукаў...

І засвяціўся маладою твар усмешкаю,

І доўга, доўга ззяў, не патухаў...

 

...Назаўтра доктар з радасцю бязвіннаю

Сказаў:— Ну вось, падлекавалі вам...

І перад ёй, усмешлівай, адзінаю,

Я пакланіўся шчырым дактарам...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан