epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Цэлы дзень гуляюць у вайну..."

Цэлы дзень гуляюць у вайну.

Хто ракетчык горды, хто пяхота...

Паглядзяць старыя: «Ну і ну...

Дзеці... Дзеці... Што ў іх за ахвота...

 

Ведалі б, як б’е свінец у скронь,

Не шукалі б гэтакай забавы...»

 

А яны гатовы ўсе ў агонь,

Толькі б паспытаць бацькоўскай славы.

 

Узрастаюць з мужнасцю бацькоў,

Кожны пра геройскі ўчынак марыць.

Па шляху да слаўных маякоў

Пройдуць праз вятры і бураў хмары.

 

Калі трэба, калі будзе міг —

Кожны, як Матросаў, як Марат, устане...

І глядзім мы з гордасцю на іх,

І штодня — за мір вядзём змаганне!

 

Думаю адной заўжды жывём:

Каб вайну гульнёю толькі зналі

Дзеці, каб не стрэліся з агнём,

Пад якім бацькі іх узрасталі.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан