epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Чэрвень

І чэрвень на зямлі адкрасаваў.

І заўтра ліпень — ясны, працавіты.

У копы ляжа буйная трава,

Ранеты выспеюць, пальецца жыта.

 

А чым жа чэрвеню ў апошні дзень,

Яго каб помнілі і паміналі,

А чым жа чэрвеню здзівіць людзей?

І ён узяў абняў пажарам далі.

 

Балоты ў полымі. У полымі — бары.

Пад кожным кусцікам і на палянцы кожнай

Зямля вясёлай чырванню гарыць,

Зямля гамоніць сполахам трывожным.

 

Дзяўчат жа не бярэ ніякі страх.

Дзяўчаты ж запяваюць звонка песню

Ды йдуць гурмою з лубкамі ў руках:

Суніцы сакавітыя на ўзлессі!

1940


1940

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан