epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Хай мне шырокае поле даруе..."

Хай мне шырокае поле даруе,

Калі багаццем не поўна яно,

Калі не радасна жыта красуе,

Калі не буйнае ў жыта зярно.

Роднае поле! Як люба ты сэрцу —

Ведае добра прастор залаты.

Вер мне: не здолею нават памерці,

Покуль стаптана чужынцамі ты.

 

Хай мне даруюць травінкі і дрэвы,

Каля азёр маіх — пушчы-лясы,

Што ад грымот не ўбярог іх напеваў,

Што ад агню не ўбярог іх красы.

Мілая вёска, разлогаў кілімы,

Сцежкі, і рэчка, і дуб на браду!

Верце: без вас мне жыццё немагчыма,

Вось чаму сёння на бой я іду.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан