epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ханжа

Прыходзіў на працу — такі ж ужо сціплы! —

Прыслужваў — з яго хоць вяроўкі ві...

Гугнявіў, клякочучы, голасам сіплым.

На вуснах — ні ўсмешкі, ні грама крыві.

 

На сходах, лятучках — суддзёй быў, няйначай,—

Любога скляймуе, ушчэнт разаб’е...

Ды раптам...

здарэнне...

у касе нястача...

І вочы ад люду хаваў ён свае...

 

Зашыўшыся глуха ў паперах, паперках,

Чакаў у надзеі: трывога спадзе...

Ды не! —

працавала сумленна праверка!.. —

І вось ён, малойчык,

пад вартай ідзе.

 

Ілгаў і выкручваўся. Думаў у шале:

«Эх, лёс... Калі б мог... Дык бы ўсіх...

Без нажа...»

Судзілі папраўдзе...

І так запісалі:

«Па справах — злачынца.

Па словах — ханжа!»

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан