epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Харошка

Сіняя,

Журботна-сіняя валошка.

Над узмежкам,

Над іржэўем —

У задуме, як жняя.

Валошка?

А можа, гэта ты, мая харошка?

Светлая

Харошка мая!

 

Падыду.

З трывогай гляну на пялёсткі.

Што адзін —

як звон праменя.

Што другі —

званчэй,званчэй.

Пялёсткі?

А можа, то —

заранак адгалоскі?

Добрае

Святло тваіх вачэй?

 

Так, як гаварыла,

Так, як наспявала:

Прыйдзе радасць, прыйдзе вера,

Прыйдзе дзень, бясконца залаты.

Наспявала?

А можа, то ў душы заўжды ўставала:

Дзень і сонца —

Там, дзе ты.

Там

І толькі там, дзе ты.

 

Сіняя,

Журботна-сіняя валошка.

Над узлескам,

Над іржэўем —

як задумная жняя.

Валошка?

А можа, гэта ты — мая харошка?

Светлая

Харошка мая!

 

Будзеш марай,

Будзеш цішынёй, а можа, бурай,

І трывогай, і журбою,

І спагадай дарагой.

Толькі не зрабіся,

Не зрабіся

Безадмоўнасцю панурай,

Не зрабіся

Сумным здзекам, сумнай, роспачнай

тугой.

 

Хай мо толькі мроя,

Толькі мроя —

гэта сіняя валошка,

Толькі мроя —

Дол і неба,

І расіны

над задумаю жніўя.

Ты заўсёды,

Ты заўсёды непаўторная харошка.

Ты са мною,

Харошка мая!

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан