epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Харватыя

Я пачуў у горах песню

У Харватыі, ля Савы,

І з тых пор усё здаецца,

Што ўзрастаў я ў той краіне.

Пад высокім чыстым небам,

На лугах, дзе ў пояс травы,

Ля азёр, дзе нат уночы

Сонца б’ецца ў хвалях сініх.

 

«Маці родная Айчына,

Нас ты ў горы гадавала,

У душы тваёй быў смутак,

А па белым целе — раны.

На шляхі крыві і славы

Мы з бацькамі выйшлі змалу.

Ты сама, Айчына, знаеш,

Як табе мы ўсе адданы.

 

Колькі мы начэй не спалі,

Ля грудзей сушылі порах,

Колькі мы сяброў харобрых

У цяснінах пахавалі,—

Каб твае лугі і нівы

Не таптаў чужынец-вораг,

Каб твая шумела воля,

Як шырокай Савы хвалі.

 

Ёсць усё цяпер

навекі

У цябе: і лёс, і доля,

І вясна, і неба ў зорах,

І шырокі шлях гасцінны,

І дубы ў барах дрымучых,

І пшаніца ў родным полі,

І браты,

што выручалі

У змаганні твайго сына.

 

І што ёсць у нашым любым,

Партызанскім вольным краі,

Будзе нашым назаўсёды,

Не мінецца наша свята,

Покуль спяць байцы ў магілах,

Покуль страху

край не знае,

Покуль б’ецца на свабодзе

Сэрца мужнае харвата».

 

Я пачуў у горах песню,

І, пакуль ішоў дадому,

Песня ў далях не сціхала,

Ўсё гучала за плячыма.

Вось і Сож,

а ўсё чуваць мне

Рэха песні той знаёмай,

І здаецца,

што ішоў я

Па шляхах

адной Радзімы.

1946


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан