epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Хатынскія званы ў Тайм-скверы

Хвалюецца і бунтуе Тайм-сквер,

Маладая Амерыка падлічвае свой запал.

Выступае — «я з вамі» — нават сэр,

Што яшчэ ўчора супроць выступаў.

 

Даўно прыдумаў мудрэц англасакс:

«Не стрымаць хвалі — вядзі яе сам».

І бярэ мільянер, нібы жончын пасаг,

Кліч маладосці: «Жыві, В’етнам!»

 

Заўтра, як спыніцца шквалісты ўдар,

Ён і не ўспомніць, што зараз крычаў.

Толькі пажар, крывавы пажар,

Зноў запалае ў ліхвярскіх вачах!..

 

Стаю, анямелы ад гэткай маны.

У сэрцы — грымотны ад гневу акорд.

І раптам —

Прынесла на плошчу званы

Камуністычная «Дэйлі уорлд».

 

— Чытайце! Чытайце! — гукае юнак.—

Вось як фашысты палілі людзей!..

Мы не хочам так! Мы не хочам так!

Нідзе фашызму дарогі, нідзе!

Даволі забойстваў! Мы хочам любіць!

Прэч ад планеты, смяротная стынь!

І я аж залею: з газеты глядзіць

Вачмі папялішчаў наша Хатынь.

 

Газета — адозваю ў сотнях рук,

Пытаюць позіркі: што за званы?

А званы Хатыні ад імя нашых мук

Звоняць, ваююць супроць вайны.

 

Як быццам бы попел вёсак усіх

І сэрцы ахвяр, што ў тых вёсках жылі,

Крычаць у Нью-Йорку: — Шануйце жывых!

Помніце, помніце

аб скатаванай зямлі!

 

Я не ведаю, колькіх абудзілі яны,

Колькі ў Амерыцы ачнулася душ.

Але я бачыў, як Хатыні званы

Білі, вярэдзілі сполахі дум.

 

Званы білі, я плакаў душой,

Згадаўшы плешчаніцкія лясы.

А звон неспакою ішоў і ішоў.

І вёў за сабою ўсе галасы.

 

І моладзь запела змагання гімн,

І мільянер замахаў рукою: ноў, ноў!

Бо за попел Хатыні і за пакуты Сангмі

Даўно ён працэнты забраў, даўно.

 

Ды плошча бурліла,—

як адна сям’я,

Выводзіла моладзь пад вецер чаўны.

І верыў я, і верыў я,

Што яе паядналі Хатыні званы.

 

Няхай, можа, я памыляўся ў той міг,

Ды яны тут былі, ды яны тут плылі —

Званы трывогі

з бароў векавых,

Што бачылі боль беларускай зямлі.

 

Кастрычнік 1969,

Нью-Йорк


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан