epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Хаўруснікі

Пасляслоўе


— Гэй, жонка, смаж яешню

ды хутчэй нясі на стол! —

Крычаў аднойчы

прайдзісвет адзін — асёл.—

Ды не мыляйся,

не пастаў, глядзі, аўса,

Бо ў госці я чакаю

аж заморскага ліса!..

А ты ж, вядома, знаеш,

ад каго залежаць нашы лёсы,—

Не самахоць сабе калісьці

мы яго абралі ў босы...

 

Вось госць прыбыў,

пачаставаўся чынна,

Пабыў там-сям,

агледзеў двор гасцінны,

Наставіўшы трубою

хвост лісіны,

Парады даў, як загадаў:

— Вось так і так рабіць павінны!..—

Ды і адбыў

у свой абшар айчынны...

 

Здавалася б, усё — зэр гут...

Ды вось пачуў асёл,

Што, хоць лісу яны

і шыкавалі, аж пацелі, стол,

Хаця і поўзалі прад ім лісліва

пры спатканні-развітанні,

А ліс забыў адразу

пра ўсе тыя абяцанні,

Што ім даваў

за чаркай, за абедам...

 

І нават,

завітаўшы да іх блізкага суседа,

Не мог успомніць,

як завуць асла з асліцай,—

То зваў шакаламі,

то бугаём з цяліцай

І бэсціў, колькі мог,—

не пасаромеўся нізвання! —

За дрэннае нібыта

віншаванне-частаванне...

 

— Ах ты ж пыхлівы балабон,

заморскі хлус,

Ты між гнусоў —

найгоршы самы гнус!..

Ты любіш не сяброў адданых,

а падліз,

Пёс ты смярдзючы, а не ліс!..—

Крычаў асёл,

хоць сам падліза быў і блюдаліз...

 

Хоць сам быў прайдзісвет,

хоць разумеў, вядома,

Што на ліса заморскага налётваць

небяспечна нават дома,

Але стрымаць сябе не мог,—

у зяпе аж замлела,

Аж чэрава ад злосці засмылела,

А ён крычаў, пугаючы ваколле,

І капытамі біў у плот —

ажно трашчала колле...

 

Вось так закончыўся

заморскага ліса ваяж —

Развеяўся хлуслівых слоў міраж,

І ад любошчаў між хітругамі

застаўся след адзіны —

Як рэзанага —

несутрымны крык асліны.

 

А што далей?..

 

 

Пасляслоўе

Далей — пабачым... Што ў хлуслівым,

у глумлівым будзе стане,—

У хеўры гэтай вераломнай,—

хто* яшчэ хітрэйшым стане,

Хто* пыху, жорсткасць і злабу

прымножыць,

Хто* слабшага

ў кішэнь сабе паложыць,

Хто* ў некага — уладу вырве з рук,

А мо, дасць бог,

ім будзе ўсім — каюк,—

Мо ўсіх іх — назаўжды! —

драпежнікаў адпетых

Змяце гнеў праведны і велічны

з планеты,

І ў свеце ўсюды запануюць —

дружба, згода,

Святло, сумленне, праўда і свабода!..

1984


1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан