epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Хіпі

Чаго ты крычыш, курчышся,

чаго ты бунтуеш,

дзеўчына?

У цябе шчокі — ружы,

у цябе вочы — вішні.

А косы — нечасаныя,

а сама — як Ева

адзетая,

А пабачыць тваё шаленства

ўсе клеркі выйшлі.

 

Небаскробы — потарч, потарч,

а ты падаеш, падаеш,

А ты, такая прыгожая,

на зямлі поўзаеш.

І ты рагочаш, рагочаш,

і жахлівая твая радасць

Наплывае на сонца,

і халаднее поўдзень.

Чаго ты крычыш, дзеўчына,

чаго ты бунтуеш,

светлая.

 

Вунь глядзі, колькі тут хлопцаў,

пацалуй каго-небудзь уцешна.

А каго?

А каго?

Можа, вось гэтага,

даўно і навек адпетага?!

А можа, вунь таго,

скрыўленага,

ад нараджэння грэшнага?!

Ідзіце вы ўсе!..

Ідзіце вы!..

Ідзіце вы ўсе к д’яблу!

Я хачу — рагачу,

а хачу — крывянюся, поўзаю!..

А гітары — трэнь, трэнь,—

ты свабодная, дрэнь

п’яная,

А гітары — трэнь, трэнь,

ты — свабодная

і ў нагах

і з позаю!

Паліцыянты глядзяць скрыўлена,—

ну што ж,

хай пашалее босая.

Клеркі пастаялі і плюнулі —

пайшлі выбіваць цэнты.

А хіпі пяюць над хіпіхай,

як нястрыжаныя хрыстосікі,

У атамнай жорсткай Амерыцы —

няўзброеныя інсургенты.

Хіпі, хіпі —

размалёванай гітары ўсхліпы,

Хіпі, хіпі —

галапузая міні-рамантыка.

Чаго ты крычыш, дзеўчына? —

Няўжо не чуеш,

як цвітуць ліпы?

Няўжо не ведаеш,

што ты — будучая матка?

Устань, знайдзі добрага хлопца,

ідзі,

нарадзі дзяцей з ім.

Выгадуй іх — як хочаш,

ведаючы сваю Мекку.

Калі не хочаш такіх,

Што ходзяць у джунглях В’етнама ценем,

Дык выгадуй такіх,

што вернуць

Амерыку чалавеку.

Выгадуй такіх дасціпных,

каб цябе заўжды разумелі,

Вырасці такіх свабодных,

каб не згаджаліся быць катамі.

Хай будуць лепей такія,

што ў «Апалоне» згарэлі,

Хай будуць лепей такія,

што Месяц з Зямлёй сасваталі!..

Торгаецца мутны позірк,

а сама — яшчэ міг —

і завые.

І сонца над ёй, і неба,

а не пазнае нічога.

І хто ёй падкажа — дзе яна?

— Паліцыянты?

Яны — нямыя.

Небаскробы?

Яны — глухія.

І дрэвы над ёй гарбатыя —

нібы з сусвету чужога.

 

І падымаюць яе расхрыстаную,

распатланую і памятую.

І вядуць яе пад рукі,

а гітары — трэнь, дрэнь, асанна!

І вядуць яе хрыстосікі —

як на крыжы распятую,

І кідаюць за дзверы дымныя —

бяры яе, марыхуана.

 

О свабода пакуты!

Глумлівае пекла —

Амерыка!

 

Можа, то Жанну д’Арк кінулі

паміраць

у атрутным чадзе?

Можа, то захлынаецца

у смутку

крылатая, шчырая Вера?

Можа, то Прыгажосць Вечнасці

тупому глумленню аддадзена?

Прыгледзься хутчэй, Амерыка!

Мо то непазнаная, смелая

Чалавечая будучынь

сёння

твая

назаўжды прападае...

Хіпі, хіпі...

Крык бравады...

Гарачка белая...

Непрыкаяная, нястуленая

роспачнасць ідзе маладая

 

Верасень 1969,

Нью-Йорк


1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан