epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Хлапчукі

Я люблю глядзець, як зранку,

Абудзіўшы ўсе куткі,

Без спачынку, без прыстанку

Ладзяць гульні хлапчукі.

 

Вунь гарністы, вунь матросы,

Вунь шафёры, вунь майстры,

А вунь там «Гагарын» босы

Б’е ракетаю з гары...

 

Хлапчукам расці не цяжка.

Ім расці — што песню пець.

Толькі трэба ім цяльняшка

Ды вясёлых горнаў медзь,

 

Ды заўжды ім воля трэба

Для імкненняў і для мар,

Ды нясхмаранае неба,

Ды нясценены абшар.

 

Як яны ад калыханкі

Падымаліся ў хадзе,

Дык спакойныя прыстанкі

І не вабяць іх нідзе,

 

І не вабяць іх прытулкі,

Дзе тужлівы ціхі сон.

Ад калыскі час наш гулкі

Іх гукнуў у бурнасць дзён.

 

І таму ты, хмурны дзядзька,

Не гані іх, не кляні,—

Што, маўляў, іх крык знянацку

Роздум твой перапыніў,—

 

Што наш роздум перад імі?

Паглядзі ва ўсе бакі:

То ж свой поступ у Радзіме

Пачынаюць хлапчукі!

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан