epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Хлеб

Лета цэлае ніва спела,

Красаваліся потым дажынкі ў вянку.

А затым з зярнятаў

Белую-белую

Зрабіў млынар муку.

 

Слава рупным рукам чалавека!

Пайшла мука на вялікі завод.

І замясіў

І паставіў цеста пекар

На шырокі гарачы под.

 

І вось — толькі золак, толькі разднела,

Павезлі фургоны, панеслі латкі —

Усім, усім — падарункі з белай,

Белай-белай

Пшанічнай мукі.

 

Дзень добры! —

Свет аж іскрыўся навокал.

Дужы падрос, кволы акрэп.

А сэрцу стала шырока-шырока.

Гэта — хлеб!

 

Хлеб!..

Няма яму роўнай яды аніякай,

Яму параўнанняў

Не падбярэш.

Бяры сабе бохан

І з шчырай падзякай

Да ўсіх, хто рабіў яго,—

Рэж і еш.

 

І хай табе чуюцца песні поля,

Хай сэрца імкнецца ў далеч дарог,

Хай сілы растуць,

каб вораг ніколі

Нам

нівы расціць

перашкодзіць не змог!

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан