epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Хоць трошкі б маладосці..."

Хоць трошкі б маладосці —

Хаця б на нейкі міг.

Хоць трошачкі б адвагі —

Якую меў калісь.

Ах, колькі чаго,

колькі

Я б мог яшчэ зрабіць!

Ах, на якую справу

Пайшоў бы без разваг!..

 

Жыццё стварыла дзіва:

— Прымай жа маладосць!

І ў сэрца зноў адвагу

Ранейшую бяры!

А я стаю, разгублены,

Гляджу на ўсход зары.

А я стаю —

не ведаю,

Як дзень свой пачынаць.

 

Раса блішчыць на поплаве —

Эх, так бы басанож

І кінуўся б!

Ды помніцца:

Даўно так не рабіў.

Рака бруіць, струменіцца.

Заве: — Нырай, плыві!

А я гляджу і ўзважваю:

«Што там за глыбіня?..»

 

Мой дружа, юны дружа,

Даруй мне,

да цябе

Іду — мо ты падкажаш,

Павінен падказаць! —

Чаму і як вучыцца,

Каб ведаць, што рабіць,

Як ажывіць забытае —

Што ўмее маладосць?!

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан