epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Хочам быць і сім і тым..."

Хочам быць і сім і тым,

Дзе ўжо да спачыну.

Ўсё здаецца — нам адным

Дбаць пра ўсю краіну.

Маўляў, як ім, маладым,

Клопат наш пакінуць?

 

Маўляў, як гэта — ураз

Ім за намі ўгнацца?

Не! Ў жыцці нідзе без нас

Ім не разабрацца!..

 

І што наш мінае час

Сіл няма прызнацца...

А ці ж гэта горш — аддаць

І ключы і гайкі

Маладым? Сабе ж узяць

Гуслі-самаграйкі.

Ды на сонейку складаць

На свой досціп байкі?

 

Маўляў, вось як мы жылі —

Не пілі, не елі.

Толькі добрымі былі,

Толькі ўсё мудрэлі.

Дзён дарэмна не звялі,

Нават не хварэлі.

 

Што сягонняшнія? Не!

Грэх ім з намі брацца!

Нашы таленты і ў сне

Ім мо не прысняцца.

Ну, вядома, час міне —

Тады — можа стацца...

 

Так вось баілі б штодня,

Бомкалі б, як з раю:

Тое тому не раўня,

Тое, бач, не раю...

 

Ох, старая буркатня,

Ох, бяда старая!..

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан