epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Хто, браце, вінават..."

Хто, браце, вінават, калі не пазнаюць

Цябе сягоння нават даўнія твае суседзі...

Хто вінават, што доўга так блукаў

па свеце недзе,—

Ажно забыў, як птушкі

пад страхою роднай гнёзды ўюць...

 

Хто, браце, вінават, што смагу наталіць

Табе ў дарозе нечым

на зямлі такой знаёмай...

Хто вінават, што, апынуўшыся

нарэшце дома,

Не можаш прыгадаць

юнацтва сцежкі,

адрасы рачулак і крыніц.

 

Глядзі ж пільней,

вунь матухна твая, глядзі,

Стаіць пахіленая,

як вярба сівая, над дарогай.

Прасі яе, каб суд судзіла

праведна і строга,

Да ног яе падбітай птушкай упадзі.

 

Прасі за ўсё,

чым боль прыносіў, дараваць...

А толькі не прасі таго,

што час ніколі не вяртае...

Ёсць раны сэрца...

Іх не загоіць і вада святая...

Ты іх пабачыш сам...

Як будзеш кроў нашчадкам аддаваць...


1983?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан