epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Хвалімся: глядзім у свет далёка..."

Хвалімся: глядзім у свет далёка,

З выкладкай прадвызначаных вех...

А не бачым часта, як пад бокам

Самы блізкі

гіне чалавек.

 

За сусветы зорныя сігаем,

Ведаем, як слаць туды чаўны.

А вось тут нярэдка і не знаем,

Што пра нас падумалі сыны.

 

Што ў іх сэрцах, што ў іх душах зараз?

На якіх сцяжынах

іх пагляд?

Можа, просіць помачы іх мара?

Можа, дзесь блукае неўпапад?..

 

Што мая паэзія і проза,

Што мае трактаты і эсэ,

Калі не заўважыў я пагрозы,

Што мне слепата мая нясе.

 

Бачыў блізка дальнія скрыжалі,

А на блізкі свет глядзеў здаля.

— Ты даруй, даруй мне,—

крыкнеш з жалем,—

Родны свет мой — людзі і зямля!..

 

Крыкнеш, сэрцам верачы да болю:

— Не, прад вамі больш не саграшу!..

Ды ўсё роўна з цемры, можа, болей

І не вернеш нечую душу.

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан