epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ці бачыў ты, дружа...

"Каліна чырвоная..."


Ці бачыў ты, дружа, сляды ад вайны —

У родных лясах бліндажы-буданы,

 

Ці слухаў душой —

з партызанскіх дарог

Няласкавы гул небяспек і трывог?

 

Ці ведаеш ты — ад каго, для каго

Пастаўлены помнік ля дома твайго,

 

Якімі шляхамі прыйшлі ў твае дні

Лагоднае сонца і спеў цішыні?

 

Ці здолеў бы, дружа, ты — свету, людзям

Усё расказаць, перадаць усё сам:

 

Чаму ў тваім краі, ў народзе тваім

Так любяць жыццё і так цешацца ім,

 

На колькі краін і на колькі людзей

Ты маеш у скарбе святла і надзей

 

І дзе тваіх будучых дзён рубяжы?..

Ці здолеў бы, дружа?..

Скажы мне, скажы...

 

1965

 

 

"Каліна чырвоная..."

 

Каліна чырвоная

Гарыць,

Як туга маладосці.

Адзвінеўшая

Песня лета

Чабаровым пахне настоем.

Пагляджу на твой двор —

Здаецца:

Да цябе я прыехаў у госці,

І забыты мною

Іржэ конь няпоены.

Ах, любая,

Як я табе буду ўдзячны,

Калі ты

Напоіш каня

Са студні вадой чыстай.

А я

З каліны чырвонай

І пахкай саломы ячнай

Зраблю для цябе

Найлепшыя

На вяселле маністы.

У крывіначцы кожнай

Зноў пачуецца

Кліч мне трубны —

Як сваім

Летуценням,

Пакланюся

Твайму святу...

Развітальныя,

Устрывожана

Навальнічныя

Б'юць бубны.

Адчыняюць вятры

асеннія

Дзверы

У тваю хату...

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан