epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Ці быў у Леніна...

Заўсёды, як з Масквы дамоў вяртаюся,—

Ці сонца на вясну, ці на зіму,—

І маці, і суседзі ўсе пытаюцца:

— Ці быў у Леніна? Ці кланяўся яму?..

 

Я з радасцю вітаюся з сябрынаю,

Сядаю ў шчыры круг, як і раней.

І слухаюць сардэчна землякі мае

Расказ пра родны Крэмль, пра Маўзалей.

 

Гараць людскія позіркі натхненыя

І бачаць у лятунках праз абшар,

Як па ступеньках крочу я да Леніна,

Як горача гляджу ў ягоны твар.

 

Хачу ярчэй запомніць рысу кожную,

Заўсёды ўсхваляваны перад ім,—

Ці радасны, ці нечым устрывожаны —

З ім раюся —

як з самым дарагім.

 

Мо сто разоў тут быў,

а ўсё па-новаму

Я чую ў сэрцы гордай праўды кліч.

І новай думай — сонечнай, вясноваю —

Праводзіць мяне ў новы шлях Ільіч.

 

Мо сто разоў, пяшчотай сэрца поўнячы,

Пра Леніна вяду я шчыры сказ.

А людзі ўсё адно — сядзяць да поўначы

І слухаюць —

нібыта ў першы раз.

 

Сядзяць памаладзелыя і радыя,

Гамоняць, з круга доўга не ўстаюць.

Пакуль з Масквы, з Крамлёўскіх веж,

па радыё

Куранты ў свет «дабранач» не праб’юць.

 

Тады, свае канчаючы адведзіны,

Ад шчырасці, што ў дружбе здабылі,

«Дабранач, браце!..» —

кажуць і суседзі мне,

І гэта — як «будзь шчасна» ўсёй зямлі.

 

Усёй, усёй — і з роднымі прасторамі,

І з тымі, што далёка, не відаць...

Якую так любіў Ільіч

пад зорамі

Насустрач ранку яснаму вітаць.

 

Яна і ў кветках дзён, і з завірухамі,

Яна ў агні і ў ззянні кумача...

Заўжды і ўсюды ў свеце чуйна слухае,

Як б’ецца ў сэрцах сэрца Ільіча...

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан