epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Ці так вянкі свае сплялі мы..."

Ці так вянкі свае сплялі мы,

Ці так шляхі свае вялі.

Па сэрцы матухны-Радзімы

Звяраем думы на зямлі.

 

Не для забаў прымаем права

Яе надзейнай быць рукой.

Радзіма. Першы ўзлёт. І слава.

І ўпэўненасць. І неспакой.

 

Радзіма ўся — лятункаў мова.

І скрозь, заўжды пад сінявой,—

Як шчасця звонкая падкова,

Яе сярпок над галавой.


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан