epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Цяжка яму...

— Шмат патрабуе увагі мой чын,—

Скардзіўся сябру «начальнік» адзін...

Трэба умець дзеля ўласнай персоны

Позу прыдумаць, не збіцца з фасону,

Жэсты «адказныя» адшліфаваць,

Бо хіба можна без іх кіраваць?

Трэба, была каб нязвычнаю мова

І нават смех каб гучаў адмыслова —

З нейкім значэннем: кхе... кхе... Каб усе

Думалі: што ім той смех прынясе?..

Трэба падбаць і пра жонку таксама:

Гэта ж не проста там нейкая мама,

Ну, што дзяцей нараджае яна —

Тут не паправіш, прырода адна,

А вось выхоўваць іх — гэта ўжо, браце,

Не! Тут патрэбна работніца ў хаце!..

(Дзеўка калгасная, кроў з малаком,

Што ёй пабыць з іх дачкой ці сынком?..)

Жонка ж —

махне толькі мужу з машыны:

Там габардзіны, а там крэпдэшыны,

Там чарнабурка, там цэлы мядзведзь —

Трэба ва ўсе магазіны паспець.

Праўда, часамі бракуе ёй густу,

Муж гэта бачыць: завельмі ўжо густа

Футраў на хіб начапляе яна,

Брыдка... затое здалёку відна!..

Так вось жыве гэты мудры «начальнік» —

Клічнік на службе, а дома пытальнік,—

Скардзіцца, енчыць, што цяжка яму,

А не падумаў ніколі: чаму?

Жыў бы ён сам, як усе, сваім розумам,

Быў бы ва ўсіх сваіх справах цвярозым,

Скінуў бы груз бюракрата з плячэй,

Быў бы прасцей — дык і жыў бы лягчэй!

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан