epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Цяжкаю ўрачыстаю актавай..."

Цяжкаю ўрачыстаю актавай

Я хацеў уславіць волі сонца,

Гарадоў дыханне, луг у травах

І бароў дрымучых гул бясконцы.

 

Але, быццам камень стопудовы,

Той напеў упаў у ясных далях,

Аж лугі, і нівы, і дубровы

Пад яго цяжарам застагналі.

 

Ласкавым задумлівым санетам

Я памылку выправіць імкнуўся,

Каб уведаў свет пра наша лета,

Пра жыццё і скарбы Беларусі.

 

Але далеч ростаняў жывая,

Шыр дарог, палацы і крыніцы

І палі калгасныя без краю

У санет не здолелі ўмясціцца.

 

І тады я ўспомніў спеў, што колісь

Пад агнём пачуў у чыстым полі,

Спеў, дзе столькі ласкі ў простых словах

І тугі і радасці жыццёвай,—

 

У яго ўдыхнуў юнацтва сілу,

Даў крыло тугое, голас звонкі...

І адразу ў ім загаманіла

Для мяне зямля маёй старонкі.

 

Чуўся мне ў ім звонкай хвалі плёскат,

Рэха бору, голас аратая,

Звон сярпоў калгасніц на палосках,

Дзе жыты густыя зажынаюць;

 

Пазыўныя станцый, і заводаў

Маладыя звонкія сірэны,

І вятроў усходніх гулкі подых,

І цаглінаў звон на новых сценах.

 

У імпэце, ў працы, ў шчырых песнях

Прада мной жыла мая Радзіма,

Т шляхі яе з красою весняй

Усе былі адкрыты прад вачыма.

1947


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан