epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Цішыня

Пакуль выпроствалася пад металам

Зямля і курчылася ў агні,

Мы працавалі штыкамі дбала

І моўчкі марылі аб цішыні.

 

Але, мы марылі не аб многім —

Адну б хвіліну нам, хоць адну!

У круг пасесці б каля дарогі,

Курыць і думаць

не пра вайну.

 

Не пра вайну — праваліцца б войнам!

Каханне ўспомніць і бацькаў дом...

Нарэшце ўстаў маладзік над поймай.

Мы ўзялі вёску. І сціхнуў гром.

 

Як прасвятлелі у хлопцаў твары!

Ячэйку выкапай і закуры.

Але мы ўгледзелі пад бляск пажару,

Што з намі кураць не ўсе сябры.

 

Яны ляжалі вачмі на захад.

Як быццам снілі аб светлых днях.

А па-над імі вялізным птахам

Зманліва гойдалася цішыня.

 

І здрыгануліся нашы сэрцы,

І зненавідзелі мы спакой.

Як гэтых немцаў —

пасланцаў смерці,

Што йшчэ шалелі там, за ракой.

 

Здаецца, знікла дзянная стома.

Нашто ўспаміны? Парвана ніць.

Нам захацелася дыму, грому,

Ісці, пакутваць і немцаў біць!

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан