epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Чужыя вятры з берагоў Скандынавіі..."

Чужыя вятры з берагоў Скандынавіі

Нясуць на ўзбярэжжа чужыя туманы.

І цяжка мне дыхаць,

Так цяжка, што сэрца

Гатова на смерць,

толькі б сціхнуць прымусіць

Чужыя вятры з берагоў Скандынавіі.

 

І ў гэту хвіліну журботную ў ростанях

Я клічу з палёў сваіх вецер духмяны,

Прашу, каб прарваўся

Праз даль і на крыллях

Прынёс мне

дыханне маёй Беларусі —

У гэту хвіліну журботную ў ростанях.

 

І вось зварухнуліся хмары свінцовыя,

На захад як бы павярнулася мора,

І ветры чужыя

Змаўкаюць і тонуць

У хвалях асеўшых,

А ў небе, як крыгі,

Ламаюцца, крышуцца хмары свінцовыя.

 

Ім больш не бываць у сваёй Скандынавіі!

А вецер, мой друг, што з’явіўся з Радзімы,

З лагодай і ласкай

Ляціць па-над морам

І радасны ўздых мой нясе,

як вітанне,

Да змрочных глухіх берагоў Скандынавіі.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан