epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Чые коні?

— Гэй вы, хлопцы рыбалоўцы,

— Закідайце невады!

— Пачакай!

— Ды ты куды?

Налівай яшчэ па стопцы!

Ці ж наш Сож не разліваўся?

Рыбы — поўная рака!..—

Так пад вечар частаваўся

У Аўхіма-рыбака

Брыгадзір Антон Бярыла,

Еў і жлукціў — люба-міла,

Ды не думайце, што ён

Сам рыбак быў, той Антон,

Хоць і знае ў рыбцы смак...

Што ж было далей, аднак?

Падышла да брыгадзіра

Раніцой другога дня

Цётка Мар’я. Просіць шчыра:

— Дай ты мне, сынок, каня,

Агарод пара засеяць...

— Што? Каня? А коней дзе я

Набяруся вам усім?

Сёння ўзяў каня Аўхім.

Памагчы табе мне нечым,

Хочаш — зазірні пад вечар...

Спосаб хітры, слоў няма.

Зразумее і сама...

 

А пад вечар у Лутоні

Брыгадзір хваліў мядок.

— Гэй вы, коні мае, коні!

Коні, пчолы ды садок!

 

І ні Мар’я, ні Тацяна,

Што назаўтра рана-рана

На брыгадны двор прыйшлі,

Коней вольных не знайшлі...

 

Тут не стала ў іх цярпення.

— Пойдзем зараз у праўленне

Коні нашы ці чые?

— Коні? Хе-хе-хе... Мае!..

 

— Не твае! — яму сказалі.—

Не твае! — і запісалі:

Каб не быў на хабар ласы —

На гарэлку і кілбасы,

На мядок і акуні —

Дык ідзі, Антон Бярыла,

Пакажы на полі сілу,

Запрацуй сумленна дні!

Добры, правільны прысуд!

Можна б ставіць кропку тут...

Але вось пытанне: часам

Ці няма ў другіх калгасах

Гэткіх самых (дайце сіл —

Прыкра вымавіць) Бярыл?..

 

Калі ёсць — ганіце проста

Іх, як злосную каросту,

Бо пара, нарэшце, знаць:

Толькі той, хто паважае

Свой народ, той права мае

Слаўнай справай кіраваць!

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан