epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Чытаю сэрцам кнігу жалю..."

Чытаю сэрцам кнігу жалю,

Што свету створана жыццём,

І бачу ў ёй свае скрыжалі —

Паміж агнём і пачуццём.

 

Адна — з тугой па слёзах чыстых,

Другая — з клятвай шчырых дум,

А ў трэцяй — як далёкі выстрал,

Наказ пра вечную бяду.

 

Ідзі, крычыць наказ, на гора!

Не забывай, што ты паэт!..

І я іду... Прыйду ці скора...

Але з табой я ўсюды, свет!


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан