epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Да песняра

Пакідае сявец

Для пасеваў насенне адборнае.

Высявае сявец

Зерні ў глебу найсамую чорную.

 

Вырывае з зямлі

Дачыста* пустазелле шкадлівае.

Каб пасевы ўзышлі,

Сталі самай багатаю ніваю.

 

Адбірае каваль

Для падковы сталь звонкую, пругкую.

Доўга-доўга каваль

Ад душы па ёй молатам грукае.

 

Падбівае каня,

Летуценіць: каб быў ён не скораны.

І вятрам быў раўня,

І ўзвіваўся з маланкамі ўпоравень.

 

Ну а ты, мой пясняр,

Ты, што марыш пра ўсё адмысловае,—

Што зрабіў ты, пясняр,

Каб была твая песня агнёваю?

 

Каб лучылася ў ёй

Сэрцаў многіх надзейная сіла ўся?

Ды над цэлай зямлёй

Прамяніста, як сонца, свяцілася?!.

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан