epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Дай мне хаця б яшчэ старонку..."

Дай мне хаця б яшчэ старонку

Майго жыцця, мой добры лёс.

Пабач, яшчэ ж мая сасонка

Не стала кражам між бяроз.

 

Дай мне хаця б яшчэ часцінку

Жывых надзей, мой добры лёс.

Хаця б адну яшчэ слязінку

Мне б асушыць у моры слёз.

 

Дай мне хаця б яшчэ на трошкі

Святла з цяплом, мой добры лёс.

Мне б каласы сабраць з палоскі,

Дзе мой — глядзі — пасеў прарос!


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан