epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Даліна чабору

Я выхадзіў многія вёрсты

Сваіх незлічоных дарог.

І ўсе прыгажосці Радзімы

На памяць у сэрцы збярог.

 

Цудоўныя далі Сібіры:

Задумныя нетры тайгі,

Старукія волаты-кедры

І скальныя рэк берагі.

 

Праславіўся Крым прамяністы,

Грывасты зялёны прыбой,

Як воіны гор, кіпарысы

Бягуць да Ай-Петры з табой.

 

Багата красы ля Паміра,

Навек зачаруе Каўказ...

А ўсё ж не знайшоў я куточка

Ляпей, чым над Сожам у нас.

 

Ля выспачак сіняга бору,

Мінуўшы хмызняк трапяткі,

Бы ў песню —

ў даліну чабору

Мы ўвойдзем ля самай ракі.

 

Пад сховай ляснога кургання

Трымае свой водар яна.

Нібыта сустрэчы з гасцямі

Чакае рупліва здаўна.

Я

к лёгка, як проста, як добра

Ісці тут у вольны прастор.

Як цёпла цвіце прад вачыма

Жывы беларускі чабор.

 

Чабору даліна — што казка,

Чабору даліна — як дом.

Паставім тут, хлопцы, палаткі

І лета

ў красе

пражывём!

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан