epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дамоў

О «дамоў»! О «дамоў»! —

Што за слова між слоў!

Без прымоў, без замоў,—

Слова шчасця — дамоў!

 

Нават вецер і той

Бы пяе за кармой,

Хваляй гулкай, крутой

Ладзіць думцы маёй.

 

Падганяе: плыві,

Болем сэрца не рві,

Родны край уяві,

Як сам хочаш — жыві!

 

І далей усё ўдаль

Адплывае між скал

Той чужацкі скрыжаль,

Дзе нью-йоркскі прычал.

 

О Амерыкі «рай»,

Залаты каравай,

Твой і бляск, і адчай

Пакідаю. Бывай.

 

Хоць і шмат тут прыкрас,

Гэты край не для нас!

Не для нас. Не для нас.

Веры найс! Веры найс!1

 

Я нічога не ўзяў

З тваіх дзіў, з тваіх з'яў,

Толькі ёсць на ўспамін

Боль сардэчны адзін.

 

О Амерыкі свет,

Дзе праляжа твой след?

Між красы, між планет

Ці ў крыві, сярод бед?

 

Я б хацеў, я б хацеў,

Каб ты ў Мару ляцеў,

Каб нікому не нёс

Ні прынукі, ні слёз.

 

Каб твае караблі

На разбой не плылі,

Каб нідзе на зямлі

Больш цябе не клялі...

 

Я б хацеў, я б жадаў...

Але больш чым хачу —

Усё б сэрца аддаў,

Не таю, не маўчу:

 

Я хачу, каб хутчэй

Знік твой бераг з вачэй,

Дзе і ўсход з нематой,

Дзе і мёд, ды не той,

 

Дзе туга, дзе спалох,

Дзе рыдаў і сам бог,

Калі ўбачыў, як ты

Меч крывавіш святы...

 

О «дамоў»! О «дамоў»! —

Што за слова між слоў!

Без прымоў, без замоў,—

Слова шчасця — дамоў!

 

О Амерыкі «рай»,

Залаты каравай,

Твой і бляск, і адчай

Пакідаю. Бывай.

 

Хоць і шмат тут прыкрас,

Гэты смак не для нас.

Крый нас бог! Не для нас.

Веры найс! Веры найс!

 

Снежань 1969,

Нью-Йорк

1 Цудоўна!


1962; 1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан