epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дарога

Дзе кветкамі сцелецца дол,

Дзе сонца не гасне ў аблогах,

Пралегла між ніў, паміж сёл

Мая палявая дарога.

 

Маленства павее тугой,

Дарожнай бядою прысніцца,

На каляі пад нагой

Запахне смалой-каланіцай.

 

Яшчэ і цяпер з тых часоў,

Калі тут скрыпелі калёсы,

Убачыш часамі, як сон,

Пяньковы віток ад атосы.

 

Але каб сышлі нават сны

Далёкай пары азалелай,—

Упарта, з вясны да вясны,

Дарога мая маладзела.

 

Спяшаючы ў шчасця гады,

Над былямі новага часу

Пабеглі над ёй правады

З калгаса і да калгаса.

 

Пабеглі з вясёлым святлом,

З гарачым агнём электрычным,

Каб кінуць старое на злом,

Каб стала шчаслівае звычным.

 

І ты пра наш будучы свет,

Дружбак, не пытайся ні ў кога,

Захочаш — раскажа як след

Усё табе наша дарога.

1951


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан