epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дарога бацькоў

Былінныя штурмы, паходы,—

Як полымя ў ззянні вякоў.

Запомнім, сябры, назаўсёды

Вялікія справы бацькоў.

 

Каб сёння і заўтра раслі мы,

Вітаючы поспех дзянны,

Бацькі

Ад любімай Радзімы

Адбілі навалу вайны.

 

Усё: і пакуты, і страты,

І грозныя дні ў барацьбе

Пазналі героі-салдаты

За нас —

За мяне і цябе.

 

Навек яны буры скарылі

І волі ўзнялі галасы.

І нам

Сваёй славай

Стварылі

Краіну шчаслівай красы.

 

Любыя вышыні ёсць крылам.

Ёсць праца любая рукам.

Надзейнаю,

мужнаю сілай

Мы устанем

на змену бацькам.

 

Ці ў токары, ці ў касманаўты,

Ці ў творцы

Пашлюць нас гады —

У заўтра, вялікае заўтра

Наш позірк заўжды і заўжды.

 

Усюды ў жыцці з перамогай

Мы пройдзем, сям’я дружбакоў,

Бо лепшая ў свеце дарога

Прад намі —

Дарога бацькоў.

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан