epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дарогі Амерыкі

Дарогі Амерыкі — чысты бетон — пад струну.

Лініі, лініі, лініі —

кінься, стрымай хоць адну.

Лініі, роўныя лініі —

не павярнуць, не звярнуць,

Лініі, змрочныя лініі —

нібы ў глухую сцяну.

Лініі, жорсткія лініі —

нібы ў хаўтурную стынь,

Лініі, страшныя лініі —

думкі аб волі пакінь!..

Колькі я думаў, як ехаў —

тут, сярод гэтых пуцін,

Дзе ты, дружбак чалавек мой,

дзе ты тут ёсць хоць адзін!

Хоць бы разок з табой стрэцца,

стаць-пастаяць пры ляску,

Хоць бы сказаць табе слова,

шчыра паціснуць руку,

Сэрцам з табой парадніцца,

сонечны ўбачыць пагляд,

Хоць бы... Ды лініі гоняць —

дзеляць, сякуць далягляд.

Коцяць, і коцяць, і коцяць

шыны —

аж посвіст ад шын...

Колькі вас, колькі —

халодных,

шэрых, бяздушных машын!

Толькі цыгары ў акенцы,

сінеча жыл за рулём,

Толькі пыхлівыя позы

ды падбародкі з валлём,

Толькі насуплены позірк —

не іскране, не міргне:

Тут упадзі і разбіся —

нават ніхто не зірне...

Лініі сціснулі сэрца,

лініі б’юць па ваччу.

«Шофер, спыніся, спыніся!..

Больш не магу, не хачу!..

Шофер, пастой, паміраю...» —

Але машына імчыць.

— Шофер, гані, не спыняйся! —

нехта з дарогі крычыць.

Лініі, лініі, лініі —

толькі ты іх прыкмячай...

Лініі... Дзікая гонка...

Дзікі, бясконцы адчай...

 

Лістапад 1969,

Нью-Йорк


1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан