epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Даспяванне

Не гаварыце гучна,—

сад даспеў...

Ад слоў неасцярожных

яблык падае.

А гоман спрэчкі —

згубнай кананадаю

Грыміць між дрэваў,

калі сад даспеў.

 

У даспяванні

мудрае жыццё

Сваю да свету

шчодрасць падсумоўвае.

Задумлівай, даверліваю моваю

Нясе нам любасць

мудрае жыццё.

 

Таму заўсёды

ў даспявання дні

Агнём маланак

далягляд не кроіцца.

Прырода прагне

сцішыцца, спакоіцца

І думай жыць

у даспявання дні.

 

Прашу ж вас, не забудзьце:

сад даспеў!

Не гаварыце гучна

нат хвілінаю...

Лепш заспявайце

ўслед за той дзяўчынаю...

Заўсёды ў радасць

саду

ціхі спеў...

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3 т. Т. 3. Вершы, паэмы, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 510 с.
Крыніца: скан