epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Даўно, даўно, вясной зялёнай..."

Даўно, даўно, вясной зялёнай,

Зачараваны цішынёй,

Хацеў я быць ля хаты клёнам,

Узвышацца стройна па-над ёй.

 

Пасля, пазнаўшы ўсе нягоды,—

У самы, самы грозны міг

Я дубам сніў сябе заўсёды,

Што ставіць грудзі супраць крыг.

 

Што стала сёння? Быць хачу я

Хаця б лісточкам тым, які,

Як толькі сонца ўсход пачуе,

Пяе ля матчынай рукі...


1962; 1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан