epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Давай мы лепей з табой, як колісь..."

Давай мы лепей з табой, як колісь,

Возьмем у хустку тваю харчы...

Па акрайчыку хлеба, па драбку солі...

Ды яшчэ па глытку вады для патолі...

І пойдзем...

аддаўшы суседзям ключы...

 

Давай мы пойдзем...

ад усяго...

ад багаццяў,

З антыкварным спалохам, з ярмом ярлычка...

Ад сноў сытых... ад нуды ў хаце...

Давай пойдзем...

да маладосці, да маці,

Да самых дарагіх званняў у свеце —

сын і дачка...

 

Давай адчуем нанова, як палавеюць росы,

Як нараджаецца ў жыце хлебны пах...

Давай успомнім

увесь твой свет шматгалосы,

Дзе мары, дзе песні,

дзе духмянасць пракосаў...

Дзе жылі калісь пацалункі на тваіх губах...

 

Давай... Давай зробім усё, што хочаш...

Толькі каб вярнуцца да жывой каляі...

Толькі каб па-сонечнаму

засвяціліся вочы,

Забіліся сэрцы горача

ад весткі прарочай,

Што на свеце яшчэ не змёрлі,

яшчэ пяюць салаўі...

 

Давай... Любая...

Кінь хоць і крыўды агонь колкі...

І самую злосную буру

мне ў вочы кінь!

Толькі б не клопат

пра пярсцёнкі і столкі...

Толькі б не асколкі

ад былой вясёлкі...

Толькі б не райская

душы стынь...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан