epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Долар

Я знайшоў на вуліцы долар.

Чый ён, з чыёй рукі?

І як апынуўся ён доле?

І лёс яго быў які?

 

Я прынёс, паказаў гэты долар

Разумным сябрам сваім.

І яны параілі:

— Выкінь

На сметнік, і ліха з ім...

 

Пачуў гэта амерыканец

І ўзгарэўся: — О сэр, веры гуд!

Вы знайшлі на вуліцы долар,

Дык гэта ж вялікі цуд!

 

Нашто вам пытаць — адкуль ён,

З Тэхаса ці з Кардыльер?

Вы знайшлі на вуліцы долар.

І цяпер ён ваш.

Ваш, о сэр!

 

Ваш ён, ваш! — І трымайце ўдачу,

Кожны шануйце цэнт.

О сэр, зразумейце, долар —

Гэта ж шчасця працэнт!..

 

— А скажыце,— амерыканца

Я спытаў,— а ці можна мне

Долар здаць у паліцыю,

Каб ён паляжаў у казне,

 

А мо хто спытае пра долар,

І, можа, ён не мільянер,

А мо ён жабрак, мо галодны,

А мо беспрацоўны ён,

а, сэр?..

 

Амерыканец збянтэжана

Паглядзеў на мяне і замёр:

«Як? Здаць паліцыі долар? —

Чытаў я на твары дакор.—

 

Як? Аддасце вы долар

Без мэты, вось проста так?»

Амерыканец глядзеў мне ў вочы

І быццам крычаў: «Дзівак!..»

 

А я стаяў з чужым доларам

І нат усміхнуцца не мог.

А на скрыжаванні свяцілася:

— Донт вок! Донт вок! Донт вок!1

 

Лістапад 1969,

Нью-Йорк

1 Нельга ісці!


1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан