epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дома

Усё тут так, як у маленства дні.

Вайна як бы нічога не кранула.

І жоўты хмель віецца на плятні.

І дзераза паўзе

пад сама шула.

 

Глядзіць дзядоўнік, быццам старшыня

На свой глухі закутак па-за склепам.

Там дурнап’ян цвіце,

там лебяда ля пня,

А там гарчак абняўся са свірэпай.

 

Здаецца, супакоіцца ільга.

Але чаму мне раптам цяжка стала?

Ледзь крок —

і супыняецца нага,

Як быццам ёй загаду думкі мала.

 

Я не магу чамусьці,

як калісь

За клямку ўзяцца, бразнуць,

каб пачулі.

Насустрач маці выбегла з-за ліп

У даматканай выцвілай кашулі.

 

— Сыночак!..

І ў тым крыку столькі болю,

Што можа здрыгануцца і сцяна.

— Хто дома? —

ледзьве вымавіць я здолеў.

— Адна, мой даражэнькі, я адна...

— А дзе ж сястра?

І вось каля стаўка

Іду шукаць я сестрыну магілу.

Я заадно і бацькаву б пашукаў,

Але знайсці яе

не хопіць, пэўна, сілы.

Ці за Дняпро, ці за Дунай ідзі —

Ці мала ёсць курганаў невядомых,

Ці мала ў іх бацькоў ляжыць...

Знайдзі...

Паходзіш ды і вернешся дадому.

 

А тут усё —

нібы ў маленства дні.

Вайна як бы нічога не кранула.

І жоўты хмель віецца на плятні.

І дзераза расце, паўзе пад шула.

1944


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан