epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дождж

Пад поўдзень вецер сціх.

І з чорнай хмары

Ударыў гром. І вецер гул разнёс

Над хатамі, над бронзавым загарам

Пшаніц

І па-над зеленню бяроз.

 

Адна, другая кропля.

І раптоўна

Струменем лівень сцёбнуў па плячах.

І па жніву панесліся нястройна

 

Ускрыкі, смех задорысты дзяўчат.

 

А дождж ішоў.

І срэбрам ззяў у травах,

У кветках, у пшанічных каласах.

Пераліваўся шэпатам ласкавым

У ручаін дрыготкіх галасах.

 

Паіў зямлю. Асмяглая ад спёкі,

Яна глытала свежае пітво.

І дыхала, багатая, з палёгкай

Духмянасцю, пяшчотай і цяплом.

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан