epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Друг..."

Друг,

У цябе сягоння боль,

Дазволь жа быць з табой

у чорную хвіліну.

Не здатны рассцілаць я

лёстачак тканіну,

Дык з мужнасцю салдацкаю

з табою быць дазволь.

 

Я ран балючых не паварушу,

Не растрывожу скрухі,

што цябе скавала.

А толькі буду пільна пільнаваць,

каб анічым ні мала

Не раніла

тваю лагодную душу.

Я знаю,

Не так лёгка перажыць

Цяжкую крыўду

ад заўчаснай сумнай страты.

І ўсё ж прашу —

не забывайся: мы — салдаты,

Што ўмелі

нат пакутнай хвіляй даражыць.

 

Успомні

Чорны лабірынт траншэй,

Тады я ўпаў пад куляй,

і ў віхурнай сцюжы

Ты нёс мяне з агню,

прасіў: «Трымайся, дружа!..»

І смутак засцілаў

святло тваіх вачэй.

 

Пералажы ж ты сёння на мяне

Цяжар сваёй жальбы

і вер — я не пакіну

Цябе без вернасці сваёй

ні на хвіліну,

Як ты не пакідаў,

як тысячы сяброў адданых —

на вайне!..

 

Друг,

У цябе сягоння боль,—

І я з табой!..

І ў непазбыўны момант горкі

Я чую гаркату слязы

і пах акопнай гімнасцёркі,

І мне абняць цябе —

як там,

у той акопны дзень,

дазволь...

 

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан