epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Другу-літаратару

Пад скрыжаваным скептыкаў агнём

І пад касымі позіркамі снобаў

Парой

мы пустазеллю гімн пяём,

Забыўшы, што мы — племя хлебаробаў.

 

Захопімся страфою ці радком:

Ах, што за спрыт! З якім нюансам голас!

«Прад гэткім,— іншы думае тайком,—

Даўно ўстарэлі Пушкін сам і Колас...»

 

А што нясе той спрыт і той нюанс?

Якая ў ім карысць для чалавека?

Пра гэта крытык, што падбіў баланс,

Напэўна, і не думаў, недарэка.

 

А ёсць народ. Стваральнік і мастак.

З яго рукі жавалі ўсе пегасы.

І ўхвал ён не кідае проста так,

І ў спрытныя не верыць выкрутасы.

 

Ён, што праклаў у будучыню след,

Выдатна знае сілу справы й слова.

Ён бала, дзе буяе пустацвет,

Дзе завязь,

Дзе ёсць хлеб, а дзе палова.

 

І ён, для ўсіх ствараючы свой плён,

Запомні ты, мой дружа-літаратар,

Не для шыкоўных фраз

наватар ён,

А для жыццёвай велічы наватар.

 

Таму,

каб стаць хаця б яму раўнёй,

Давай глядзець на свет яго вачамі,

І калі біць па струнах пяцярнёй,

Дык так,

каб струны для людзей гучалі.

 

Ідзе народ і нас ісці заве

У заўтрае, у высненыя годы,

Дык хай жа ў нас такі агонь жыве,

Які сагрэў бы кожнага заўсёды!

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан