epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Другу

Можа, калі-небудзь

Прасцей нам стане жыць.

Можа, калі-небудзь

Лягчэй будзе дружыць.

Можа, калі-небудзь

(Ці ў шчасці, ці ў журбе)

Прасцей будзе, лягчэй будзе

Прыйсці мне да цябе.

 

Світанкам летнім проста

Пастукаю ў акно.

На бераг выйдзем росны,

Дзе не былі даўно.

Закінем вуды ціха,

Ды ўраз забудзем іх

Ва ўладзе успамінаў,

Для сэрца дарагіх.

 

Тады, мой друг, мой штурман

Настане, пэўна, час

Сказаць усім

пра штурмы,

Дзе ты гарэў не раз.

Дзе самалёт твой падаў

І разбіваўся спрэс.

А ты ўставаў

пад градам

Асколкаў —

бы ўваскрэс;

А ты ўставаў і ўпарта

Ішоў да новых стром,—

Па карце ці без карты,—

На свой аэрадром.

Ізноў у строй арліны

Спяшаў —

ізноў у бой:

Ад ворагаў Айчыну

Аберагчы сабой...

 

...Можа, калі-небудзь...

Ў легендзе без прыкрас,

Можа, калі-небудзь

Згадаюць і пра нас...

Мо і пра нас раскажуць...

Мо і пра нас спяюць...

З агнём эпохі звяжуць...

З грамамі год зліюць...

 

Можа, калі-небудзь...

Ну што ж, калі і так...

Хай і зусім пад небам

Не ўспомняць тых атак,

Я знаю: ты, мой дружа,

Не закрыўдуеш, не,

Бо шчырым сэрцам

служыш

Айчыннай старане,—

Па-гордаму высока,

Па-мужнаму заўжды...

Хто быў як смелы сокал

У грозныя гады,

Хто быў жыццю адданы

У смяротным іх агні,—

Той

для людзей

не стане

Інакшы

ў дабрыні...

 

...Можа, калі-небудзь

Прасцей мы будзем жыць.

Можа, калі-небудзь

Лягчэй будзе дружыць.

Можа, калі-небудзь

(У шчасці ці ў журбе)

Прасцей будзе, лягчэй будзе

Прыйсці мне да цябе.

 

Тады людзям скажу я:

— Настаў нарэшце час —

Вось: друга абніму я

І за сябе й за вас,—

Вялікаю парою

За ўсіх, людзей сям’я,

Прайшоў ён шлях герояў...

І гэта бачыў я...

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан