epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

"Дружа, не выключай тэлефон..."

Дружа,

Не выключай тэлефон,—

Мне часам трэба з табой параіцца.

Асабліва

калі ў душы

агонь самалюбнасці разгараецца.

Калі на свет

з самаробнага п’едэстала,

што таксама здараецца,

Глядзіш, аддаўшыся ў пыхі палон...

Дружа, не выключай тэлефон...

 

Дружа,

Будзь гатоў мне цёплае слова сказаць...

Асабліва

калі ў душы

Пачынае патухаць полымнасць непаўторная...

Штось такое сонечнае і зорнае...

А халоднасць пакорная —

Адчуваеш — ідзе твае крылы звязаць...

Дружа,

будзь гатоў мне цёплае слова сказаць!..

 

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан