epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дружбакі

Дружбакі жывуць не побач,

Пралягла між імі даль,

Палавіна ўсёй Еўропы

Паміж хлопцамі амаль.

 

Аднаго з іх росціць шчыра

Беларускі светлы край,

На шляхах вясны і міру

Дзесяць раз

сустрэў ён май.

 

А другі жыве ля Влтавы,

Нарадзіўся чэхам ён,

Злата Прага з ім

ласкава

Размаўляе ў шчасці дзён.

 

Раздзяляюць хлопцаў воды,

Горы, даляў палатно.

Але сэрцы іх заўсёды

Б’юцца дружна, як адно.

 

Б’юцца зладжана, натхнёна,

Бо вядзе сяброў

у шлях —

Там і тут адзін чырвоны,

Піянерскі родны сцяг.

 

Дружбакі жывуць не побач,

Пралягла між імі даль,

Палавіна ўсёй Еўропы

Паміж хлопцамі амаль.

 

Толькі што ім тыя далі,

Што ім рэкі і лясы!

Хлопцаў зблізілі,

з’ядналі

Думкі велічнай красы.

 

Ходзяць часта ў Празе й Мінску

Паштальёны ў два дамы —

Носяць хлопцаў перапіску

І ў дні лета і зімы.

 

Тук-тук-тук! —

штодня ля ганка...

Немаленькі ў пошты план!..

— Дружа! —

Піша з Мінска Янка.

— Соўдруг! —

Піша з Прагі Ян.

 

— Дружа!

Чую кліч твой гучны!

— Соўдруг!

Разам мы заўжды!

— Дружа, пойдзем неразлучна

У далёкія гады!..

 

Дружбакі жывуць не побач,

Пралягла між імі даль,

Палавіна ўсёй Еўропы

Паміж хлопцамі амаль.

 

Ды яны не заўважаюць

Ні прасцягаў, ні шырынь,

Рукі іхнія сціскаюць

Сцяг чырвоны.

Ў неба сінь

 

Ён ірвецца і палошча,

Волю славячы ў жыцці.

І па вуліцах, па плошчах

Лёгка, радасна ісці

 

Хлопцам — дзецям двух народаў,

Ды адной сям’і сынам,

Сям’і вернасці і згоды,

Што стварыў

сам Ленін нам!

 

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан