epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дружбе народаў

Калі б у кожнага спыталі ў нас:

— Хто лепшы друг твой?

З кім у грозны час

Здабыў ты перамогі баявыя? —

Адзін адказ пачуецца заўжды

Ад сэрца шчырага:

— На ўсе гады

Мой лепшы друг, жыццё маё — Расія!

 

Таджык, і малдаванін, і лезгін,

І беларус, і Украіны сын,—

Усе, каго любоў навек з’яднала,

Паходаў незабыўных дружбакі,

Хіба забудзем мы свае палкі,

Якія ў шлях Расія выпраўляла?

 

Хіба забудзе хто ў жыцці сваім

Вялікі край, што стаўся дарагім,

Дзе столькі засталося пабрацімаў!

Смаленшчына і армавірскі стэп,

Ваш еў я ў дні паходаў хлеб,

А ў твар мне ласкай дыхала Радзіма.

 

І ці ж забыцца сэрцу аб тым дні,

Калі на папялішчы ў цішыні

Пачуў я слова роднае: — Сыночак!..

Я быў жывы, але нібыта ў сне,

І незнаёмая жанчына мне

Рукой шурпатай прамывала вочы.

 

З сялянскай кайстры простыя бінты —

Я іх захоўваў праз усе франты,

І зараз, сэрцам глянуўшы да ўсходу,

Падзяку шлю жанчыне рускай той —

Другой маёй матулі над Акой,

Падзяку ёй і рускаму народу!

 

Сяброў сваіх, братоў сваіх, сясцёр —

Ад гор Каўказа да таежных зор —

Я чую кліч і да яго імкнуся.

Усе ямы жадаюць шчасця мне,

Мне і маёй бацькоўскай старане,

Маёй старонцы роднай Беларусі.

 

Ідзі ж, мой верш, да ўсіх братоў маіх,

Да ўсіх сяброў нязменных, дарагіх,

Ты ўсюды будзеш, як прывет, жаданы,

Скажы братам, што Беларусь мая

Навек адданая братам-краям,

Навек саюзу брацкаму аддана.

 

Аддана партыі, якая нас

Здружыла ў цяжкі і суровы час,

Здружыла для жыцця і перамогі.

Здружыла, каб у шчасці мы жылі,

Каб для людзей праклалі на зямлі

Да камунізме ясныя дарогі.

1953


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан