epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дуб

Абапёрся дуб рукой зялёнай

На страху і, пахіліўшы стан,

Утаропіў вочы улюбёна

У блакітны ранішні туман.

 

Што ён бачыць там, якое дзіва

Прыкавала ўвагу юнака?

Пасля сну гамоніць з дружкай сліва

У сям’і чарэшань ля стаўка.

 

Хустка белая, касу тугую

Трэпле вецер ласкавай рукой.

І глядзіць на сліву дарагую,

І сумуе дуб па-над страхой.

 

І паўзе раса слязой у дуба,

Па ствалу з тугіх лістоў паўзе...

О, каб мог ён даскакаць да любай

На адной на стомленай назе!

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан