epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Дума пра Марата Казея

Спрадвек нараджала

Зямля Беларусі

Герояў без ліку,

Асілкаў багата.

І сёння між імі

З жыццём у хаўрусе

Праменіцца сэрца

Казея Марата.

 

Ніхто і ніколі

Так многа не страціў,

Не зведаў журботы,

Не вызнаў пакуты:

Забілі фашысты

Маратаву маці,

А край папялілі,

Няволяю скуты.

 

І ўстала на подзвіг

Сыноўняе сэрца.

Гарачая помста

Знайшла ліхадзеяў.

Ні бурам, ні громам,

Ні часу не сцерці

Геройскае славы

Марата Казея.

 

Не віцязь, не рыцар,

Не воін бывалы,

А хлопчык вясковы,

Лісток тапаліны...

А колькі ў душы яго

Гневу палала,

А колькі адвагі

І сілы арлінай!

 

Ляцелі ў адхоны

З мастоў эшалоны,

І кожная сцежка

Для катаў смылела,

А лес беларускі,

Спакойны, зялёны,

Чакаў акупантаў

Засадаю смелай.

 

І дзе б ні ступаў

Ненавісны чужынец —

Была яму куля,

Была і граната.

І волю любіць,

І стаяць за Айчыну

Заўсёды мы будзем

Вучыцца ў Марата.

 

Высока над краем,

Над песенным маем,

Гарыць і шугае,

І шчасце вітае,

І нас асвятляе,

І ў дружбе натхняе

Маратава Зорка —

Як дзень, Залатая!

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 2. Вершы, паэмы 1962 - 1981 гг. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 495 с.
Крыніца: скан