epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Два лёсы

Прастораю невядомай

Наўкруг устае акіян.

З-пад Нёмана — у Аклахому

Едзе Пятро Сяван.

 

Знік за плячмі шумлівы

Выкляты гданьскі рум,

Вісельні дэфензівы,

Пілсудчыкаў люты глум.

 

І верыцца і не верыцца...

Гэй, глядзіце, паны!

Едзе Пятро ў Амерыку,

Не ведаючы маны.

 

Едзе з надзеяй гарачай,

Думкай жыве адной:

Досыць яму батрачыць,

Есці каржы з лебядой.

 

Досыць насіць пад сэрцам

Слёзы глухой тугі,

Гараць на плячах — не сцерці —

Ад бізуноў пісягі.

 

Сніцца Пятру дарога —

Вольная, без нягод.

І толькі адна трывога

Не пакідае яго:

 

Там, па-над родным Нёманам,

Дзе бедныя вёскі ў рад,

Там застаўся бяздомны,

Бяздольны Янук, яго брат.

 

Стогне зямля Беларусі

Пад белапольскай пятой,

І сёння там у прымусе

Лёс праклінае свой

 

Брат яго. Эх, няйначай,

Не стрэцца ім больш, маладым.

Янка! Пятро яго бача

У дзень развітання з ім.

 

Губы — крыві ні следу.

Глуха гаворыць у твар:

— Амерыка? Не паеду!

І там іх поўна, пачвар,

 

І там крывасмокаў многа,

Не прагну заморскіх бэр!

Адна для мяне дарога —

Дарога ў СССР.

 

І прыйдзе пара — за гэту

Дарогу

пайду я ў бой!

Не трэба мне іншага свету,

Не кліч ты мяне з сабой...

 

Сэрца ў Пятра набалела —

Хоць плач, хоць зусім памры.

І шэрая куртка сатлела

Даўно-даўно на Пятры.

 

«Хоць дзень бы адзін вясёлы!..» —

Марыць душа Пятра.

— Што ж, брат... Прышлю табе долараў

Ці другога якога дабра.

 

Батрацкая радасць —

не верыцца...

Але — з дарогі, паны!..

Едзе Пятро ў Амерыку,

Не ведаючы маны.

 

Расштурхвае хвалі вецер,

Пагойдваецца параход...

 

 

*

Імкліва ішоў па свеце

Трыццаць дзевяты год.

Жаўцелі кляны над Нёманам,

Цвілі ў лясах верасы.

 

Запелі

ў дзень векапомны

Грозных гармат галасы.

 

Пара ўз’яднання настала,

Вялікі пачаўся паход.

Той радасці

часу нямала

Чакаў беларускі народ.

 

Сыплецца з панскай кароны

Падсрэбраная іржа.

Хто тут наставіў кардонаў?

Прэч з дарогі, мяжа!

 

Пад слаўным чырвоным сцягам

У мужным рэспублік страю

Радзіма

нясе адвагу

І песню аб шчасці сваю.

 

У край свой родны Заходні

Нясе яна любым сынам

Сонца крамлёўскай паходні,

Якому зямля ўся відна.

 

Забудзьце пра горкую долю,

Бярыце

жыццё без прынукі!..

Дзеліць з сябрамі поле,

Забраўшы ад пана, Янук.

 

Зямля! Па ёй змалку хадзілі,

Ёй сілу ўсю аддалі.

І вось прычакаліся хвілі:

Хаця і пякуць мазалі,

 

Паклон табе, вольнае поле,

Чакаеш вялікіх ты спраў!

І песню калгасаў, што колісь

Янук толькі шэптам спяваў,

 

Ён вольна вядзе над дарогай —

Ці дзень на дварэ ці зара...

І толькі

адна трывога

Сёння ў яго —

пра Пятра.

 

Глядзеў ён: куды ўцякалі

З разбітых харомаў паны?

А іх ужо ў хеўру прымалі

За морам банкіры вайны.

 

Не раз яшчэ злосна ашчэрацца

Тыя зладзеі-паны!

Уцякаюць паны ў Амерыку,

Краіну панскай маны.

 

Глядзі там, Пятро!..

Ды ў той далі

Хапае Пятру тугі:

Намоцна яго ўжо скавалі

Амерыкі ланцугі.

 

На палі аклахомскіх плантацый

Даляцеў з Наднямоння слых:

Там, дома,— там шчасная праца,

Няма кайданоў былых.

 

І зраненая батрацкая

Дрыжыць у Пятра рука.

— Браты! — шэпча ён.

— Мне б падняцца

Мне б скінуць ярмо бедака.

 

Нязбытная мара, гарачая,

Спяшаецца ў лёт праз адчай:

Сэрца Пятрова плача,

Просіцца ў родны край.

 

Хоць слова б пачуць ад блізкіх,

Пакуль шчэ зусім не згарэў.

Але ўжо гучыць па-англійску

І па-польску над ім:

— Пся крэў!

 

Знюхаліся паны...

Хто лепей

З іх, крывасмокаў, скажы...

Марыць батрак не аб хлебе,

Усё аб тым жа каржы.

 

*

Мінула ў хадзе несціханай

Дзесяць вялікіх год.

Пад сонцам Радзімы з’яднаны

Ўзмужнеў беларускі народ.

 

Кіпучым, творчым, нястомным

Жыве наш Янук жыццём.

Стаіць у яго над Нёманам

Асветлены новы дом.

 

І ўсцяж — як аглянуць — ясны

Родных палёў далягляд.

На нівах шырокіх калгасных —

Песні працоўных брыгад.

 

Многа ў Янкі, многа

Шчаслівых дум і клапот.

А толькі адна трывога

Жыве з ім не першы год.

 

Прарваўшыся праз акіяны,

Прыйшло Януку пісьмо.

Пятро!

Ён і сёння загнаны,

І сёння над ім ярмо.

 

Сціскаецца Янукова

У грозны кулак рука.

Ён бачыць у цяжкіх аковах

Брата свайго, батрака.

 

Піша Пятро:

— Мой родны,

Ты краю перадай паклон,

Хай зробіць мяне свабодным,

Хай верне да вас мяне ён.

 

Святлее прад Янкам краіна.

Сонцам заліты дом.

І з Януком, як з сынам,

Край родны за новым сталом.

 

Ён кнігу яму адкрывае,

І бачыць Янук у ёй:

— Хай верыць брат і чакае,

Сонца ўзыдзе над зямлёй.

 

Ніхто, ніхто не стрымае

Вялікіх ясных ідэй,

Прыйдзе камунізм і ўз’яднае

У шчасці ўсіх людзей.

 

І ў цішыні несціхана

Сэрцаў яднаецца стук.

То брату, што за акіянам,

Руку падае Янук.

1949


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан