epub
 
падключыць
слоўнікі

Кастусь Кірэенка

Два сэрцы

— Слухай, слухай,— яна сказала,—

Як шуміць лес трывожна і глуха!..

Ён здзівіўся, ён зморшчыў бровы:

— А нашто мне слухаць?

 

— Слухай, слухай,— яна сказала,—

Як пяе звонка-ласкава лета!

Ён сярдзіта павёў плячыма:

— А нашто мне гэта?

 

— Глянь, глядзі,— зноў яна цярпліва,—

Як вада па-над каменем скача...

Ён паўстаў: — А яшчэ твае вочы

Што тут раптам убачаць?

 

— Што? Глядзі, як расце пад сонцам,

Як імкнецца ялінка пад неба!..

Ён замоўк. Глядзець на ялінку

Што яму за патрэба? {натрэба?

 

Так стаялі яны, так маўчалі,

Так па-свойму на свет глядзелі,

І два сэрцы, два іхнія сэрцы,

Хто куды, без спагады, ляцелі...

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Кірэенка К. Збор твораў: У 3-х т. Т. 1. Вершы, паэмы 1939 - 1962 гг. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 494 с.
Крыніца: скан